Размер шрифта

A A A

Цвета сайта

T T

Знакомимся с аварийно-диспетчерской службой Кореличского района газовых сетей

СМИ о нас Вернуться к списку статей

Усе мы так ці іначай уяўляем сабе, як працуе аварыйная газавая служба. Звычайнаму чалавеку здаецца, што ўсё вельмі проста: набіраеш нумар “104”, кажаш, што адчуваеш пах газу, і да цябе праз некалькі хвілін прыязджае “аварыйка”. Абывацель скажа: праца як праца, нічога асаблівага. Але, каб на самой справе зразумець усе тонкасці і нюансы такой неабходнай і важнай прафесіі, трэба, як той казаў, самому асабіста “пражыць” хоць бы адзін дзень у аварыйна-дыспетчарскай службе, пагутарыць з майстрамі, слесарамі, вадзіцелямі. Тады ўжо, напэўна, зразумееш, што гэтая служба не такая, як усе.

Раніца. На гадзінніку амаль восем, а дзённая змена ўжо гатова ўзяцца за працу.

— Да 2022 года ў Карэлічах працавала дыспетчарская служба, якая прымала і рэгістравала выклікі, — расказвае начальнік Карэліцкага раёна газавых сетак Вячаслаў Шавейка. — Потым адбылася аптымізацыя, і ў Лідзе з’явіўся адзіны дыспетчарскі цэнтр. Усе выклікі паступаюць туды — і адразу наша аварыйная служба выязджае на месца.

Прыязджаю, калі начная змена перадае справы дзённай. У “аварыйцы” працуюць 5 брыгад. Сёння мне пашчасціла паглядзець на працу вадзіцеля Уладзіміра Шэшкі і слесара Васіля Врубеля.

— Выклікаюць часта, — расказвае Уладзімір Анатольевіч. — У асноўным выязджаем на рамонт абсталявання і калі людзі пачуюць пах газу.

Уменню вадзіцеляў службы кіраваць адмысловымі аварыйнымі машынамі варта пазайздросціць. Яны ўмела манеўруюць па вузкіх вуліцах, каб хутчэй дабрацца да месца выкліку.

Ад моманту паступлення паведамлення да выезду машыны на месца праходзіць не больш за 5 хвілін.

— У аварыйна-дыспетчарскую службу нельга прыйсці з вуліцы, — кажа Вячаслаў Шавейка. — Слесар павінен мець год працоўнага стажу ў службе і прайсці спецыяльныя курсы, таму што ён абавязаны ведаць сеткі і спосаб ліквідацыі няспраўнасці. Кіроўца таксама павінен папрацаваць у газавай службе год.

Калі аварыйная брыгада выконвае заяўку, усе сканцэнтраваны, бо працаваць з газам трэба асцярожна, выконваючы ўсе правілы бяспекі.

— Заяўку выканаў. Да сувязі, — так экіпаж паведамляе прыёмшчыку заказаў АДС, што вызваліўся і гатовы выконваць наступнае заданне.

— Здараюцца такія выклікі, калі чалавеку здалося, што ён чуе пах газу, — кажа слесар Васіль Врубель — У такім выпадку мы ўсё роўна дзякуем грамадзянам за пільнасць, бо асцярожнасць лішняй не бывае.

Супрацоўнікі аварыйна-дыспетчарскай службы выязджаюць на пажары разам з ратавальнікамі. Іх задача — зрабіць усё неабходнае, каб не ўспыхнуў газ, калі дом ужо ахоплены полымем.

Працуе «аварыйка» не толькі тады, калі ўзнікае надзвычайная сітуацыя. Галоўная іх задача — прафілактыка няшчасных выпадкаў. Прасцей папярэдзіць бяду, чым ліквідаваць наступствы. Па словах Вячаслава Шавейкі, пік зваротаў на “104” — пачатак ацяпляльнага сезона. Менавіта ў гэты час паступае больш за ўсё званкоў. Дзякуючы своечасоваму тэхнічнаму абслугоўванню абсталявання колькасць выклікаў паступова зніжаецца.

Але пасля праведзенай працы, сядаючы ў аварыйную машыну, яны становяцца простымі людзьмі і ў кожнага з іх свае цікавыя гісторыі з іх уласнага жыцця, і ў адно імгненне яны становяцца вельмі цікавымі суразмоўцамі.

Васіль Врубель, які адпрацаваў у Карэліцкім раёне газазабеспячэння больш за 25 гадоў годна працягвае справу жыцця бацькі Вацлава Врубеля, які з 1986 па 2005 гады стаяў на чале газавай службы раёна.

— На працу ў Карэліцкі раён газазабеспячэння прыйшоў адразу пасля службы ў арміі. Пасля паўтарамесячнага навучання ў вучэбным камбінаце ў Гродне прайшоў вытворчую практыку, здаў экзамен і прыступіў да працы, — расказвае Васіль Вацлававіч. — Зразумела, практычныя навыкі дапамагалі засвойваць старэйшыя калегі. Першы час працаваў пад настаўніцтвам слесара Аляксандра Мелюха, які пазнаёміў мяне са спецыфікай працы ў газавай галіне. Увогуле калектыў у нас згуртаваны, дружны. Калі на працу прыходзіць малады работнік, заўсёды падтрымаем яго і дапаможам уліцца ў прафесію.

Газета «ПОЛЫМЯ»