Размер шрифта

A A A

Цвета сайта

T T

Майстар Карэліцкага раёна газазабеспячэння Мікалай Рытус: «Працаваць трэба адказна і з поўнай аддачай»

Человек дела Вернуться к списку статей

З нагоды прафесійнага свята журналіст газеты «Полымя» гутарыць з майстрам службы транспарту, энергетыкі і рэалізацыі звадкаванага вуглевадароднага газу Карэліцкага раёна газазабеспячэння Мікалаем Уладзіміравічам Рытусам, партрэт якога занесены на раённую Дошку Пашаны.

Мікалай Уладзіміравіч, якое месца займае ў Вашым жыцці праца?

— Галоўнае, па-першае, гэта сэнс жыцця, па-другое — сродкі для існавання. Калі яна прыносіць радасць у жыцці, то любімай справе аддаешся поўнасцю.

— Якія каштоўнасці ў жыцці з’яўляюцца галоўнымі?

— Я думаю, што дабрыня, чалавечнасць, адказнасць. Чым дабрэй людзі, то і жыццё будзе дабрэйшым. Людзі павінны падтрымліваць адзін аднаго ў любой жыццёвай сітуацыі.

— Адкуль Вашы карані? І якая існуе сувязь з малой радзімай?

— Я нарадзіўся на Карэліччыне, у вёсцы Баранавічы. Там жыве мая мама Наталля Мікалаеўна. Я наведваюся на малую радзіму амаль кожны тыдзень, каб дапамагчы ёй па гаспадарцы і пагаварыць па душах.

— Сям’я шмат значыць у жыцці чалавека. У ёй адчуваеш сябе такім, які ты ёсць, тут цябе разумеюць, і гэта прыдае сілы і моцы ў жыцці.

— Ва ўсіх маіх справах мяне падтрымлівае спадарожніца жыцця — жонка Вольга Іванаўна. З ёй крочым па жыцці дваццаць гадоў разам, дзелім радасці і цяжкасці, за што ёй вельмі ўдзячны.

Я ганаруся сваёй дачкой Яўгеніяй. Цяпер жыве ў Мінску і працуе юрыстам. Яна добрая і разумная, мае дзве вышэйшыя адукацыі. На маленькую радзіму прыязджае часта, і гэтыя сустрэчы вельмі радуюць.

— Акрамя асноўнай працы, у чалавека бываюць захапленні. Чым займаецеся ў вольны час?

— Дома займаюся асабістай гаспадаркай і агародам, а ў вольны час езджу на рыбалку. Люблю адпачыць на прыродзе і сустракацца з сябрамі.

— Што найбольш цэніце ў людзях?

— Адказнасць і чуласць. На адказнага чалавека можна паспадзявацца, даверыць яму любую справу, а чулы сагрэе душу, падтрымае ў цяжкую хвіліну. Радуе, што ў калектыве, у якім я працую, шмат такіх людзей.

— Ваш партрэт занесены на раённую Дошку гонару. Што гэта азначае для Вас?

— Адчуваю давер калектыву, а 30 жніўня на абласным сходзе ў Гродне, які прысвячаўся прафесійнаму святу, даведаўся яшчэ адну навіну: мой партрэт змешчаны і на абласной Дошцы гонару «Гроднааблгазу». Гэта абавязвае працаваць яшчэ больш адказна і з поўнай аддачай. Хочацца нагадаць пра тое, што летась на рэспубліканскім конкурсе «Лепшая транспартная арганізацыя» разам з вадзіцелямі вытворчага ўпраўлення «Лідагаз» атрымалі перамогу — занялі першае месца.

— У наш імклівы, няпросты, супярэчлівы час нялёгка справіцца з патокам інфармацыі. Адкуль Вы яе чэрпаеце?

— З Інтэрнэта, газет, часопісаў. Выбіраю тое, што неабходна ў жыцці і для працы. Люблю чытаць дэтэктывы, глядзець беларускія і рускія фільмы.

— Вашы пажаданні калегам па працы з нагоды прафесійнага свята.

— Здароўя ім і іх сем’ям, мірнага неба, дабрабыту і стабільнага заробку.

Галоўны інжынер Карэліцкага раёна газазабеспячэння Дзмітрый МАКАРЧЫК:

— Асноўнай задачай Карэліцкага раёна газазабеспячэння ВУ «Лідагаз» з’яўляецца забеспячэнне бесперабойнага і безаварыйнага функцыянавання газаразмеркавальнай сістэмы Карэліцкага раёна. Выкананне пастаўленай задачы дасягаецца шляхам пастаяннай падтрымкі сістэмы ў тэхнічным спраўным стане, правядзення планавага абслугоўвання, рамонту і замены маральна ўстарэлага абсталявання.

На абслугоўванні арганізацыі знаходзяцца 394 км газаправодаў, 16 газарэгулятарных пунктаў, 31 шафны газарэгулятарны пункт, 29 станцый катоднай абароны. Газіфікаваны 6246 кватэр прыродным газам і 3291 звадкаваным газам, 5987 кватэр абсталяваны прыборамі ўліку газу. У адпаведнасці з дагаворнымі абавязацельствамі Карэліцкі РГС ажыццяўляе газазабеспячэнне прыродным газам 6 прамысловых і прыроўненых да іх спажыўцоў, 9 сельскагаспадарчых спажыўцоў, 31 прадпрыемства камунальнага і бытавога абслугоўвання насельніцтва. З пачатку года прадпрыемствам адпушчана 10184,4 кубаметраў прыроднага газу, з іх насельніцтву — 5416,6 кубаметраў прыроднага газу і 4767,8 кубаметраў — юрыдычным асобам.

У 2022-м працягласць сетак газазабеспячэння павялічылася на 194,6 м.

Блакітнае паліва падведзена да 30 населеных пунктаў.

По материалам www.polymia.by