Размер шрифта

A A A

Цвета сайта

T T

15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ветэран Афганскай вайны Віктар Семянюк дзеліцца ўспамінамі

Человек дела Вярнуцца да спісу артыкулаў

15 лютага 1989 года ў гісторыі з’явілася новая знамянальная дата –  Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ён стаў памятным усім, каго апаліла дыханне вайны ў мірны для нашай краіны час. Больш за дзевяць гадоў савецкія салдаты ў Афганістане служылі надзейным шчытом на паўднёвых рубяжах неабсяжнай краіны. Ветэран Афганскай вайны, радавы запасу Віктар Семянюк з іх ліку. Сёння ён дзеліцца ўспамінамі аб сваёй баявой маладосці, разважаючы аб жыццях і лёсах салдат, якія прайшлі праз гарніла Афганскай вайны.

– Віктар Іванавіч, раскажыце, калі ласка, як Вы трапілі ў Афганістан?

– Па дасягненні васямнаццацігадовага ўзросту ў 1985 годзе я быў прызваны для праходжання тэрміновай службы  ў рады Узброеных Сіл СССР. Ужо ў Карэлічах я і мае бацькі  ведалі, што буду служыць у гарачай кропцы. Толькі на той час я не мог да канца ўсвядоміць, чаму так хвалююцца і перажываюць мае блізкія, але  ўсё ж гэта мяне насцярожвала.  Сярод першых уражанняў – прырода тых мясцін, дзе давялося служыць. Высокія горы, дрэвы, хмызнякі і кветкі, адрозныя ад звыклых, – усё гэта было ў навінку для мяне.

– Дзе Вы служылі? Як сустрэў Вас Афганістан?

– “Вучэбку” праходзіў  у Туркменіі, а працягваў службу ў афганскай правінцыі Баракі ў роце забеспячэння, быў вадзіцелем магутнага “Урала”. Спачатку да Кабула ляцелі на самалёце. Далейшы шлях да месца пастаяннага знаходжання адмералі на верталёце. Мясцовыя жыхары ў непрывычным для нашага вока адзенні, здавалася, выйшлі з нейкай усходняй казкі. Убачыць жанчыну на вуліцы там  было практычна немагчыма. Беднасць навокал страшная. Тады і прыйшло нейкае пачуццё страху і боязі ад таго, што мяне чакае.

– Кажуць, што вельмі складана прывыкнуць да клімату гэтай краіны, дзе сутачныя перапады тэмпературы могуць вагацца да 30 градусаў.

– Так, клімат у гарах цяжкі. Днём спякота,  цяльняшка пад бронекамізэлькай бялела ад  поту, пастаянна хацелася  піць. Вада ў кантэйнерах цёплая, амаль гарачая. А ты ў машыне ў поўным баявым узбраенні. Але на вайне пра гэта амаль не думаеш, галоўнае – выканаць баявую задачу.

– Віктар Іванавіч, ці былі Вы на валаску ад гібелі?

– Вядома, былі. Кожны дзень у Афганістане быў непадобны на папярэдні.  Я не баяўся смерці, проста часам асабліва востра адчуваў яе прысутнасць. Мы на машынах дастаўлялі розныя грузы ў Баграм і Джалалабад.  За дзень іншы раз даводзілася пераадольваць па 200 кіламетраў. Здаралася,  што па некалькі сутак чакалі армейскую калону, а потым укліньваліся ў яе. За 2-3 гадзіны да выезду сапёры правяралі дарогу, выстаўлялася ахова. Калона рухалася, а з паветра ахоўвалася  авіяцыяй. Яна не павінна была спыняцца  нават у выпадку нападзення, таму пашкоджаныя аўтамабілі скідвалі з дарогі і рухаліся далей. За час службы давялося змяніць тры аўтамашыны. Дзве з іх  былі падарваныя. Пасля другога падрыву трапіў у Кабульскі шпіталь. Трэці “Урал” быў браніраваны. Акрамя такіх напружаных момантаў,  былі і вельмі нечаканыя і прыемныя.  Пасля года службы на афганскай зямлі аднойчы, праязджаючы адзін з ахоўных пастоў,  сустрэў свайго аднакласніка Мікалая Маліноўскага. Давялося ўбачыцца і яшчэ з адным  земляком – Валерыем Бузуком. Гэта лічылася добрым знакам. Усе жывыя вярнуліся дадому.

– Што Вы гераічна выканалі свой воінскі абавязак,  сведчыць медаль ”За баявыя заслугі”. Раскажыце аб самых значных сваіх заслугах на гэтай вайне.

– Праходжанне стратэгічна важнага горнага перавалу  Саланг. Гэта было  адным з небяспечных месцаў, дзе можна было “злавіць кулю”, ды і  дарога была складаная.  Кожны з нас пасля яго праходжання  на дзверцах машыны маляваў зорку. У мяне іх было сямнаццаць, гэта значыць  – сямнаццаць баявых выездаў.

– Скажыце, што Вам дала вайна ў Афганістане?

– Яна зрабіла мяне мужчынам. Навучыла шанаваць ваду і хлеб, мірнае неба над галавой, маці, дом, сям’ю. Гэта была школа мужнасці, дзе ўсё было сапраўдным: і ворагі, і сябры. Лісты ад родных былі нам вельмі важныя. Калі іх  дастаўлялі  —   для нас гэта было стымулам і непераадольным жаданнем выжыць, самым шчаслівым момантам. Мы ж дадому пісалі пра быт і сяброўства. Пра вайну — ні радка.

– Як склаўся Ваш лёс, калі Вы вярнуліся дадому?

– Акрамя родных і блізкіх, з арміі мяне чакала дзяўчына. Я разумеў, што мая служба — для яе таксама выпрабаванне.  З Марыяй ажаніліся і ўжо разам пражылі больш трыццаці пяці гадоў. У нас дружная сям’я. Мы вырасцілі дзвюх дачок, якімі можна ганарыцца. Старэйшая Кацярына працуе настаўнікам фізічнай культуры ў  Астраўцы, малодшая Таццяна – старшы выкладчык Гродзенскага медуніверсітэта. І цяпер паняцце шчасця для мяне — гэта жонка, якую я стараюся ва ўсім падтрымліваць, дочкі і ўнукі, а іх у мяне трое, для якіх хочацца быць прыкладам.

Так, у той час ваявалі на чужой зямлі, але не з афганскім народам, а з тымі, хто, захапіўшы гэтую зямлю, уяўляў пагрозу для  паўднёвай мяжы СССР. Ніхто з  салдат не сумняваўся, што, служачы ў Афганістане, служыць сваёй Радзіме. Зараз Афганскую вайну многія лічаць непатрэбнай. Яна сышла ў гісторыю, але ў памяці людской ёй яшчэ жыць доўга, таму што яна напісана крывёю салдат і слязьмі маці. Яна будзе жыць у душах тых, хто ў ёй удзельнічаў.

газета «Полымя»