Размер шрифта

A A A

Цвета сайта

T T

Андрэй Клімовіч – хлебароб з вялікай літары, удастоены ганаровага звання “Чалавек года Гродзеншчыны”

СМИ о нас Вернуться к списку статей

Не многія гаспадаркі раёна і нават вобласці могуць пахваліцца галоўным аграномам, які тройчы прызнаваўся лепшым па прафесіі на Гродзеншчыне. А СВУ “Пратасаўшчына” пашчасціла: тут вось ужо пять гадоў раслінаводчую галіну ўзначальвае Андрэй Віктаравіч Клімовіч –спецыяліст экстра класса. Штогод ён дабіваецца багатых ураджаяў на хлебнай ніве і заўсёды выконвае даведзеныя прагнозныя паказчыкі. Выдатна спрацаваў Андрэй Віктаравіч і летась, за што ўдастоены ганаровага звання “Чалавек года Гродзеншчыны”.

З дзяцінства ўлюбёны ў зямлю

- Я нарадзіўся і вырас у мястэчку Ражанка ў звычайнай сялянскай сям’і, - гаворыць А.В. Клімовіч. – Бацькі трымалі вялікую гаспадарку, таму з дзяцінства даводзілася шмат працаваць. Калі прыйшоў час вызначыцца з прафесіяй – доўга не вагаўся і падаў дакументы ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Паколькі ў школе добра засвоіў хімію і біялогію, то паступіў без перашкод.

Вучоба ў акадэміі давалася юнаку лёгка, а вось аддаленасць ад дома навявала сум: з домам яго раздзялялі 600 кіламетраў, таму да бацькоў прыязджаў толькі раз у два месяцы.

І ўсё ж сваю мару стаць прафесіянальным аграномам Андрэй Клімовіч здзейсніў. Пасля заканчэння Горыцкай акадэміі новаспечаны спецыяліст па размеркаванні прыехаў у СВУ “Пратасаўшчына” і ўладкаваўся на працу аграхімікам. Тады ніхто ў гаспадарцы і падумаць не мог, наколькі каштоўны і перспектыўны работнік папоўніў іх працоўны калектыў.

Адна вышэйшая адукацыя – добра, а тры – яшчэ лепей

На новым працоўным месце А.В. Клімовіча сустрэлі вельмі цёпла: гаспадарка забяспечыла камфортным жыллём, а вопытныя калегі Пётр Іосіфавіч Тумакевіч, які ў той час працаваў у сельгаспрадпрыемстве галоўным аграномам, і загадчык вытворчага ўчастка Іван Яраслававіч Жывушка дапамаглі хутчэй асвоіцца на вытворчасці.

- Прыкладна два гады мне спатрэбілася, каб унікнуць ва ўсе дробязі агранаміі на практыцы, - прызнаецца наш суразмоўца. – Але самаадукацыю не закінуў: каб быць у курсе ўсіх навейшых тэхналагічных распрацовак, чытаў спецыялізаваную літаратуру, штудзіраваў інтэрнэт, прымаў ўдзел у розных тэматычных семінарах. Акрамя таго, штогод праходзіў курсы павышэння кваліфікацыі, якія арганізоўваліся на базе Гродзенскага сельскагаспадарчага ўніверсітэта.

Жадаючы яшчэ больш паглыбіць свае веды і пашырыць кругазор А.В. Клімовіч паступіў і паспяхова скончыў эканамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Затым асвоіў азы ўпраўлення сельскагаспадарчым прадпрыемствам падчас павышэння кваліфікацыі ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. Цяпер у скарбонцы Андрэя Віктаравіча налічваецца тры дыпломы аб вышэйшай адукацыі.

Поспех прафесіяналаў любіць

- Сем гадоў я прапрацаваў пад кіраўніцтвам Пятра Міхайлавіча Куца, які заклаў эканамічны падмурак гаспадаркі, - успамінае наш суразмўца. -- У 2013 годзе наш працоўны калектыў узначаліў Віктар Анджэевіч Семяновіч – высокакваліфікаваны спецыяліст, таленавіты арганізатар і вельмі адказны і мэтанакіраваны чалавек. З яго прыходам пачаўся новы віток у развіцці сельгаспрадпрыемства.

В.А. Семяновіч хутка распазнаў у А.В. Клімовічу сапраўднага прафесіянала і прапанаваў пасаду галоўнага агранома, на што апошні адразу згадзіўся. У дружным тандэме яны пачалі ўкараняць на вытворчасці новыя тэхналогіі, асаблівую ўвагу надаючы выкарыстанню сучасных сродкаў аховы раслін і мінеральных угнаенняў. Таксама ў мэтах эканоміі правялі аптымізацыю палеткаў. Усё гэта прынесла свой плён: гаспадарка пачала інтэнсіўна нарошчваць вытворчыя абароты.

Што ні год – то новы рэкорд!

Ужо некалькі гадоў запар аграрыі СВУ “Пратасаўшчына” упэўнена ўтрымліваюць лідэрства па ўраджайнасці зерневых культур сярод гаспадарак раёна. Летась тут атрымалі больш за 80 цэнтнераў зерня з кожнага гектара. Таксама дабіліся небывалай ураджайнасці рапсу – 50 цэнтнераў з гектара, рэнтабельнасць жа гэтай кульутры склала 34%.

- Пры закладцы новага ўраджаю важна ўлічыць усе дробязі, - раскрывае сакрэт поспеху Андрэй Віктаравіч. – Перад пасевам культур мы падбіраем аптымальных папярэднікаў і строга прытрымліваемся распрацаванага севазвароту. На менш ураджайных палях сеем больш устойлівыя да капрызаў надвор’я культуры – жыта і трыцікале, а лепшыя плошчы адводзім пад пшаніцу. На засеяныя палеткі ў поўнай меры ўносім мінеральныя ўгнаенні і праводзім неабходную колькасць хімапрацовак. Усе гэтыя меры даюць магчымасць павялічыць ураджайнасць зерневых культур на 70-80%.

Сёлета пратасаўскім аграрыям прадстаіць убраць 300 гектараў азімага рапсу, 700 гектараў азімых і 290 гектараў яравых зерневых культур. І калі ў многіх гаспадарках раёна пасевы пацярпелі ад анамальнай спёкі і недахопу вільгаці, то ў СВУ “Пратасаўшчына” такіх страт амаль няма.

- Дзякуючы своечасова праведзеным падкормкам і хімапрацоўкам удалося мінімізаваць наступствы спёкі, - працягвае А.В. Клімовіч. - Кантрольныя аб’езды паказалі, што расліны выстаялі падчас засухі, таму разлічваем атрымаць ўраджай не менш мінулагодняга. Масавую ўборку зерневых плануем пачаць праз паўтара-два тыдні.

Калі дома чакаюць, то і настрой бадзёры

Як бы моцна ні быў загружаны А.В. Клімовіч на працы, ён заўсёды спяшаецца дадому, дзе яго чакае любімая жонка.

- З Юляй Станіславаўнай мы пазнаёміліся даволі даўно, а два гады таму вырашылі распісацца і згулялі вяселле, - шчасліва ўсміхаецца Андрэй Віктаравіч. – Яна ў мяне медсястра, працуе ў раённай бальніцы. Жадаючы быць бліжэй да каханай, я пераехаў у Шчучын, хоць наш дырэктар Віктар Анджэевіч Семяновіч і прапаноўваў нам новы трохпакаёвы катэдж у Каменцы. Зараз з-за актыўных палявых работ мы праводзім мала часу разам, але жонка ставіцца да гэтага з разуменнем і заўсёды падтрымлівае мяне маральна.

Па працы і гонар

У тым, што сёння СВУ “Пратасаўшчына” займае 2 месца сярод падшэфных гаспадарак УП “Гроднааблгаз” і 12 месца сярод усіх сельгаспрадпрыемстваў Беларусі вялікая заслуга і нашага героя – Андрэя Віктаравіча Клімовіча, які сваёй добрасумленнай працай заслужыў павагу і пашану. Безумоўна, ён – хлебароб з вялікай літары. Менавіта на такіх волатах і трымаецца наша сельская гаспадарка.

- Раней мне казалі, што дагнаць па паказчыках такіх перадавікоў, як СВК “Свіслач” і “Прагрэс-Верцілішкі” немагчыма, - гаворыць А.В. Клімовіч. – І я сапраўды ганаруся, што нам удалося развеяць гэты міф! Яшчэ раз пераканаўся, што калі працаваць добрасумленна і з поўнай аддачай, то можна дабіцца любой пастаўленай перад сабой мэты!

Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.

 

По матэрыялах газеты "Дзянніца"